У самым вялікім музеі фатаграфіі адкрылі выставу пра Беларусь (фота)
2010-08-26 12:39:31, Андрэй Елісееў
Экспазіцыя Філіпа Эрбэ пад назвай “Made in Belarus”, выстаўленая ў Шарлеруа, прысвечана савецкім помнікам і беларускім дзяўчатам, а вось мужчын фатограф здымаць не захацеў.
Выстава “Made in Belarus” Філіпа Эрбэ адкрылася ў самым вялікім музеі фатаграфіі ў Еўропе, які месціцца ў маленькім бельгійскім горадзе Шарлеруа. Пад музей адведзены былы кармеліцкі манастыр Мон-сюр-Марш'ен. Тут расказваецца пра гісторыю фатаграфіі ад самага яе зараджэння і да сучасных трэндаў.
Цяпер частка залаў адведзеная пад выставу, прысвечаную Беларусі, а перад музеем вісіць вялізны плакат з чырвона-зялёнай зоркай, якую
Філіп Эрбэ зняў у Мінску.
“У сваім паэтычным элегантным стылі яго праца пераносіць нас у падарожжы з прыгожымі аб'ектамі, незвычайнымі помнікамі, дзіўнымі і хвалюючымі жанчынамі”, — анонс экспазіцыі адпавядае яе зместу: галерэя фотаздымкаў поўніцца савецкімі помнікамі і дзяўчынамі. Мужчынаў на здымках няма зусім.
“Свет мужчынаў — алкаголь, машыны, футбол, маладыя жанчыны і лёгкі сэкс — не цікавіць мяне, і я трымаюся ў баку ад яго, наколькі магчыма. На аўтобусных прыпынках, у транспарце, на паркавых услонах я хутчэй падсяду да жанчын. Яны супакойваюць мой розум”, — тлумачыць сам мастак.
Наведвальнікаў музея ў будныя дні няшмат. Замежныя турысты да яго даязджаюць не часта — імкнуцца ў Брусель. Тыя бельгійцы, каго сустрэла Еўрарадыё ля экспазіцыі, нават не ведалі пра існаванне Беларусі.
Чаго не скажаш пра дырэктара музея
Ксаўера Канона. Ён дзеліцца сваімі ўражаннямі ад творчасці Філіпа Эрбэ:
“Я зайздрошчу свабодзе падарожжаў, уласцівай Філіпу Эрбэ, асабліва той, што адкідае турыстычныя карты і ідзе шляхамі, не пазначанымі ў турыстычных даведніках”.З экспазіцыяй “Made in Belarus” бельгійцы і замежныя турысты могуць пазнаёміцца яшчэ на працягу трох тыдняў. Пасля на яе месца прыйдзе іншая спецыяльная галерэя фотаздымкаў.
У самым вялікім музеі фатаграфіі адкрылі выставу пра Беларусь (фота)
- 0 (mp3, 1MB)
Даслаць каментар